НА ВОСЕНЬ ПАВЯРНУЛА КОЛА... На восень павярнула кола - Звычайны жнівеньскі расклад. Туман вянчае з ночкай золак, У шэрым небе хмар атрад. Палаюць чырванню рабіны, Пад ногі падае лісток. І на балоце журавінным Лічыў буслоў Ілля прарок. Злятае лета павуцінкай - Не затрымаць і не дагнаць. Цяпла пакінуўшы з аўчынку, Пабегла восень сустракаць... 08.08 - 2024 г.
ДОБРЫ НАСТРОЙ... Ліпень спякотны гойсаў над плотам Ды са шпакамі вішні дзяўбаў. Ад панядзелка і да суботы Цёплай вадою сад паліваў. З конікам жвавым, божай кароўкай Танчыў да вечара ў кветніку лоўка. З пчолкай маленькай збіраў дзікі мёд І з камарамі вадзіў карагод. Плаваў у рэчцы, хадзіў у чарніцы, Ладзіў вясёлку пасля навальніцы. Зорачкі ўсе палічыў да адной І падарыў нам добры настрой... 10.07 - 2024 г.