ЗЮЗЯ
персанаж беларускай міфалогіі, увасабленне зімовай сцюжы, а таксама каляндарнага перыяду ад Каляд да веснавога раўнадзення. Паводле фальклорных звестак 19 ст., Зюзю ўяўлялі сівым тоўстымі дзедам, нізкага росту, з доўгай барадой, босым, у белым футры, без шапкі, з жалезнай булавой. Верылі, што большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але часам наведвае і вескі, прыносячы туды моцную сцюжу. Раззлаваўшыся, Зюзя б'е булавой па пні, і тады пачынаюцца траскучыя марозы. На Каляды яму пакідалі частку куціі (Зюзя на дварэ - куцця на стале), каб не быў такім лютым, а яшчэ часцей гаспадар кідаў за акно першую лыжку кашы, прыгаворваючы: Мароз, хадзі куццю есці!